Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН: мэта адміністрацыі ЗША — цалкам аднавіць дачыненьні зь Беларусьсю


Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў. Архіўнае фота
Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН Валянцін Рыбакоў. Архіўнае фота

Пастаянны прадстаўнік Беларусі ў ААН Валянцін Рыбакоў заявіў, што кантакты з прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША адбываюцца штотыднёва, хоць аб гэтым не заяўляюць публічна.

«Паверце мне, сустрэчы з прадстаўнікамі амэрыканскіх уладаў адбываюцца практычна штотыднёва. У Вашынгтоне мы абмяркоўваем усе пытаньні, якія ў нас стаяць у павестцы дня, рыхтуем наступныя сустрэчы, наступныя крокі, якія абодва бакі павінны зрабіць на шляху поўнай нармалізацыі нашых двухбаковых дачыненьняў», — заявіў Валянцін Рыбакоў у эфіры дзяржаўнага тэлеканалу «Першы інфармацыйны».

Паводле яго, чарговая сустрэча адбудзецца адразу пасьля вяртаньня амэрыканскай дэлегацыі ў Нью-Ёрк.

Валянцін Рыбакоў падкрэсьліў, што спэцпасланьнік ЗША ў справах Беларусі Джон Коўл «абсалютна адкрыта заявіў на сустрэчы, што канчатковая мэта, якую ён і адміністрацыя ЗША ставяць перад сабой — поўная нармалізацыя беларуска-амэрыканскіх дачыненьняў».

«У гэтае паняцьце ўваходзіць абсалютна ўсё: палітычныя, эканамічныя дачыненьні, бізнэс, які мы можам разьвіваць, культура. Гэта сапраўды ўключае ў сябе ўсё абсалютна», — удакладніў ён.

Валянцін Рыбакоў дадаў, што Джон Коўл на перамовах «ні на чыім баку». «Ён адстойвае інтарэсы Злучаных Штатаў з поўным разуменьнем», што Лукашэнка «адстойвае інтарэсы Рэспублікі Беларусь і беларускага народу».

«Вельмі часта мне даводзілася адказваць на пытаньне, ці спрабуюць амэрыканцы нейкім чынам паўплываць на нас у нашых узаемаадносінах з Расеяй. Я магу вас запэўніць, я на шмат якіх падобных перамовах быў, пра гэта ніколі не ішла мова. Ніводнага разу не было ніякіх спробаў нейкім чынам нас з Расеяй адзін аднаму супрацьставіць, пасварыць і гэтак далей. Цяперашняя амэрыканская адміністрацыя зыходзіць з таго, што ў нас абсалютна цесныя, цёплыя, сяброўскія, роднасныя, саюзьніцкія дачыненьні з Расейскай Фэдэрацыяй, і ніякіх спробаў умяшацца ў гэтыя ўзаемадачыненьні ніколі не было, і я мяркую, ніколі ня будзе», — перакананы Рыбакоў.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну і 9 — у Літву.

У калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG