54-гадовая беларуска, якую ў матэрыяле Deutsche Welle называе Вольгай (імя зьмененае), атрымала адмову ад Фэдэральнага ведамства ў справах міграцыі і ўцекачоў Нямеччыны (BAMF) у прытулку. Сярод матываў адмовы ведамства згадала вызваленьне Сяргея Ціханоўскага. Таксама арганізацыя заяўляе, што агульная гуманітарная сытуацыя ў краіне не нясе вялікай небясьпекі.
Раней беларуска працавала карэспандэнткай на дзяржаўным тэлеканале АНТ, адкуль яе звольнілі ў 2011 годзе. У Нямеччыну пераехала ў 2017 годзе — да мужчыны, зь якім жыве да сёньня, але ня ў шлюбе. У 2020 годзе яна актыўна далучылася да апазыцыйнай актыўнасьці, але ў сеціве.
Жанчына ладзіла акцыі, пісала лісты Урзулі фон дэр Ляен наконт становішча ў Беларусі, а таксама стварыла суполку беларускай дфяспары ў Нямеччыне, якую ўлады Беларусі ў красавіку 2024 году ўнесьлі ў сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У 2021-м, як расказвае Вольга, да яе былога мужа прыходзілі зь ператрусам, таксама тэлефанавалі маці жанчыны, а ёй самой дасылалі розныя паведамленьні.
Таксама яна пісала ў «Камісію ў вяртаньні», якою кіруе генэральны пракурор Андрэй Швед, дзе ёй параілі ва ўсім раскаяцца.- Але не адказалі нічога канкрэтнага.
BAMF палічыў асьцярогі Вольгі празьмернымі і што яна ня здолела давесьці, што на радзіме ёй пагражае небясьпека.
Да падачы заявы на палітычны прытулак у жніўні 2024 году Вольга жыла ў Нямеччыне без афіцыйных дакумэнтаў, у чым прызнае сваю віну.
BAMF адзначыў у сваім адказе, што ў яго няма пераканаўчых доказаў, што заяўніцу зьбіраюцца перасьледаваць у Беларусі. Акрамя таго, там прывялі прыклад нядаўні выхад з турмы Сяргея Ціханоўскага, якога ў ведамстве апісалі як «вядзельнага палітычнага лідэра».
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай у пытаннях права Леанід Марозаў адзначыў, што Ціханоўскі быў ня вызвалены, а вывезены з краіны. Наконт сытуацыі офіс ужо размаўляў з праваабаронцамі з арганізацыі Libereco. Ён дадаў, што становішча жанчыны ня новае, у Нямеччыне агулам складана атрымаць абарону, як і гуманітарныя візы.
Сам жа Сяргей Ціханоўскі з высновамі нямецкага ведамства адносна зямлячкі не пагаджаецца:
«Нават мне ёсць чаго баяцца ў Беларусі — у мяне там мае новыя сайты прызнаюць „экстрэмісцкімі“. Мяне вызвалілі не таму, што да мяне прэтэнзій больш ніякіх няма, а абмянялі на санкцыі ў выніку ўгоды з амэрыканцамі. Небясьпека ёсьць і для мяне, і для яе», — лічыць Ціханоўскі.
Форум