Як заяўляе Служба бясьпекі Ўкраіны, упершыню ў гісторыі падводныя бесьпілётнікі «Sub Sea Baby» падарвалі расейскую падводную лодку клясы 636.3 «Варшавянка». У выніку выбуху падводная лодка атрымала крытычныя пашкоджаньні і была практычна выведзеная з ладу.
На борце падводнай лодкі знаходзіліся чатыры пускавыя ўстаноўкі крылатых ракет «Калібр», якія Расея выкарыстоўвае для ўдараў па тэрыторыі Ўкраіны.
Гэта была супольная апэрацыя 13-га галоўнага ўпраўленьня вайсковай контравыведкі СБУ і Вайскова-марскіх сілаў Украіны.
Кошт падводнай лодкі клясы «Варшавянка» складае каля 400 мільёнаў даляраў ЗША. Улічваючы ўведзеныя міжнародныя санкцыі, будаўніцтва падобнай падводнай лодкі ў цяперашні час можа каштаваць да 500 мільёнаў даляраў. Гэты кляса падводных лодак таксама вядомая як «Чорная дзірка» з-за здольнасьці корпусу паглынаць гукі і заставацца нябачным для гідралякатара, адзначаюць украінскія спэцслужбы.
Субмарына, якую атакавалі ўкраінцы, была вымушаная застацца ў порце Наварасійску ў выніку пасьпяховых спэцыяльных апэрацыяў надводных марскіх бесьпілётнікаў Sea Baby, якія выцесьнілі расейскія караблі і падводныя лодкі зь Севастопальскай бухты ў часова акупаваным Крыме.
Міністэрства абароны Расеі пакуль ніяк не камэнтавала, не пацьвярджала і не зьняпраўджвала ўкраінскага ўдару па падлодцы.
Таксама СБУ паведаміла пра падрыў яшчэ адной нафтаздабыўной плятформы расейскай нафтавай кампаніі «Лукойл» у Касьпійскім моры.
Форум