Пра гэта рэдакцыі «Люстэрка» паведаміў дыпляматычны дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Дзяніс Кучынскі.
Па словах Кучынскага, зараз ідзе актыўная праца па ўзгадненьні дэталяў выезду. У працэс заангажаваныя прадстаўнікі некалькіх краінаў.
«Перш за ўсё мы каардынуем дзеяньні паміж украінскім, амэрыканскім, польскім і літоўскім бакамі па арганізацыі трансфэру нашых герояў з Украіны. Чакаецца, што ён адбудзецца ў найбліжэйшыя дні. Ужо сёньня павінна зьявіцца больш яснасьці па дэталях і лягістыцы»— паведаміў дарадца Ціханоўскай.
Ён таксама адзначыў, што дапамогу гатовыя аказаць і іншыя эўрапейскія дзяржавы.
«Мы на сувязі зь Нямеччынай, Чэхіяй, іншымі эўрапейскімі краінамі, якія гатовыя аказаць дапамогу. Сёньня ў Вільні я правяду брыфінг для амбасадараў краінаў Паўночнай Эўропы, Балтыі і Гішпаніі і таксама папрашу аб падтрымцы для вызваленых палітвязьняў» — дадаў Кучынскі.
14 сьнежня кіраўніца місіі беларускіх дэмакратычных сілаў у Кіеве Сьвятлана Шаціліна паведаміла «Люстэрку», што ідзе працэс узгадненьня сьпісаў і працэдураў выезду з украінскім бокам. Яна таксама зазначала, што адсутнасьць пашпартоў у многіх вызваленых не ўплывае на іх бягучы статус ва Ўкраіне.
13 сьнежня на волю выйшлі 123 палітвязьні, у тым ліку знакавыя фігуры пратэсту, у тым ліку Марыя Калеснікава, Віктар Бабарыка, Алесь Бяляцкі, Павал Севярынец, Максім Знак. Большасьць зь іх, 109 чалавек, былі вывезеныя ва Ўкраіну.
Форум