Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: 40 гадоў таму ў Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Падзеі 15 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі.

Дата дня

15 сьнежня 1934 году нарадзіўся Станіслаў Шушкевіч, навуковец-фізык, член-карэспандэнт Акадэміі навук Беларусі, старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі ХІІ скліканьня (1991–1994). Ён быў адным з падпісантаў Белавескага пагадненьня 1991 году, якое паставіла кропку ў існаваньні СССР.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч памёр 3 траўня 2022 году, калі яму было 87 гадоў.

Гэты дзень у гісторыі

1519 — Францішак Скарына выдаў у Празе Кнігу Судзьдзяў.

Помнік Скарыну ў Празе
Помнік Скарыну ў Празе

1595 — бітва войска Вялікага Княства Літоўскага з казацкім атрадам Севярына Налівайкі на Буйніцкім полі каля Магілёва.

1791 — у ЗША ўступіў у дзеяньне Біль аб правах — дзесяць паправак да Канстытуцыі 1787 году, якія заканадаўча замацавалі асноўныя грамадзянскія правы (свабода сумленьня, слова і друку, сходаў і валоданьня зброяй).

1961 — у Ерусаліме зачыталі сьмяротны прысуд Адольфу Эйхману, прызнаўшы яго ваенным злачынцам, вінаватым у злачынствах супраць габрэйскага народу і супраць чалавечнасьці. Эйхман быў павешаны ў ноч з 31 траўня на 1 чэрвеня 1962 году ў турме горада Рамла.

Эйхман у ізраільскай турме, 1961
Эйхман у ізраільскай турме, 1961

1985 — у Беларусі нарадзіўся 10-мільённы жыхар.

1990 — Вярхоўны Савет Кіргізстану прыняў Дэклярацыю аб дзяржаўным сувэрэнітэце.

1991 — выйшла першая перадача Польскага радыё па-беларуску

1995 — валюта Эўрапейскага валютнага зьвязу атрымала сваю сучасную назву эўра.

Знак эўра
Знак эўра

2000 — ва Ўкраіне канчаткова спынілася праца Чарнобыльскай АЭС.

2018 — ва Ўкраіне ўтвораная аб’яднаная аўтакефальная праваслаўная царква.

У гэты дзень нарадзіліся

37 — Нэрон, рымскі імпэратар.

1832 — Аляксандар Эйфэль, францускі інжынэр і стваральнік аднайменнай парыскай вежы.

Эйфэлева вежа ў Парыжы
Эйфэлева вежа ў Парыжы

1850 — Мікалай Судзілоўскі, рэвалюцыянэр, удзельнік грамадзка-палітычных рухаў Беларусі, Расеі, Швайцарыі, Румыніі, Англіі, Францыі, ЗША, Японіі, Кітаю і іншых краін. Прэзыдэнт Сэнату Гавайскіх астравоў.

1859 — Людвік Замэнгоф, стваральнік мовы эспэранта.

Людвік Замэнгоф
Людвік Замэнгоф

1884 — Яўген Зак, мастак зь Беларусі ў Парыжы.

1903 — Апанас Кавалёў, кіраўнік ураду БССР у 1937–1939 гадах.

1921 — Сьцяпан Александровіч, беларускі літаратуразнаўца і краязнаўца. Надаваў прынцыповае значэньне мэтадалёгіі дасьледаваньняў, палемізаваў зь некаторымі расейскімі і польскімі аўтарамі за іх антыгістарычны падыход да паняцьцяў «Русь», «рускі», «Літва», «літоўскі», штучнае атаясамліваньне з расейскай або летувіскай культурай здабыткаў уласна беларускай культуры, дасягнутых пад гэтымі назвамі ў розныя эпохі.

1928 — Уладзімер Ісаенка, беларускі археоляг.

1937 — Герман Кірылаў, беларускі пісьменьнік, ляўрэат літаратурнай прэміі Беларускага ПЭН-цэнтру імя Алеся Адамовіча за кнігу «Гарт», прысьвечаную гісторыі паваеннага беларускага моладзевага супраціву.

1937 — Яўген Ждан, беларускі мастак, вучань Міхася Сеўрука.

1940 — Браніслаў Плотнікаў, мовазнавец. У 1998 абараняў у судзе права «Нашай Нівы» выдавацца клясычным правапісам.

1945 — Кастусь Мысьлівец, дзяяч беларускага дэмакратычна-адраджэнскага руху.

1961 — Сяргей Навумчык, журналіст Радыё Свабода, дэпутат Вярхоўнага Савету Беларусі 12 скліканьня (1990-1996).

У памяці

1966 — Уолт Дыснэй, амэрыканскі мультыплікатар.

1987 — памёр Віктар Ярмалковіч, беларускі гісторык і краязнаўца, вязень ГУЛАГу.

1994 — Уладзімер Калесьнік, беларускі пісьменьнік.


Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG