Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія ўлады не захацелі перадаваць палітвязьняў праз краіны Эўразьвязу. Зяленскі расказаў падрабязнасьці


Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі, архіўнае фота

У камэнтары для «Настоящего времени» прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі апавёў, як так сталася, што беларускія палітвязьні апынуліся ва Ўкраіне.

Паводле яго, прадстаўнікі беларускай разьведслужбы зьвярнуліся да Галоўнага ўпраўленьня разьведкі Ўкраіны.

«Далей кіраўнік ГУР Кірыл Буданаў зьвярнуўся да мяне. Сказаў, што беларусы гатовыя аддаць палітычных вязьняў. Ня хочуць аддаваць праз тую ці іншую краіну Эўрапейскага зьвязу, але калі я падтрымаю, гатовыя перадаць цераз Украіну.

Я сказаў: „Безумоўна, падтрымліваем, гатовыя прымаць“. Бо пытаньне палітвязьняў — важнае. І там ёсьць і грамадзяне Ўкраіны.

І, безумоўна, трэба забіраць і сваіх, і беларускіх палітвязьняў.

І менавіта такім чынам прымаюцца ў нас рашэньні», — сказаў Зяленскі.

13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну. 9 вызваленых — у Літву.

У калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Намаганьні Дональда Трампа па вызваленьні беларускіх палітвязьняў

5 верасьня на прэс-канфэрэнцыі ў Белым доме прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон і Менск вядуць перамовы пра вызваленьне часткі з 1400-1500 затрыманых у Беларусі, большасьць зь якіх — палітвязьні.

Раней Трамп называў лічбу 1300 зьняволеных і не ўжываў слова «палітычныя».

Трамп падзякаваў Аляксандру Лукашэнку, назваўшы яго «паважаным чалавекам», «моцным лідэрам» і «моцнай асобай».

Гаворачы пра вызваленых і пра астатніх зьняволеных, Трамп ужыў слова «закладнікі».

Па дарозе на саміт на Алясцы 15 жніўня Трамп апублікаваў у сацыяльных сетках допіс пра тое, што правёў «цудоўную размову зь вельмі паважаным прэзыдэнтам Беларусі», у якой падзякаваў Лукашэнку за вызваленьне 16 чалавек і абмеркаваў вызваленьне яшчэ 1300 чалавек. Перад перамовамі з Пуціным на Алясцы, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп пазваніў Аляксандру Лукашэнку.

Зь сярэдзіны 2024 году Беларусь вызваліла некалькі сотняў чалавек, асуджаных за «экстрэмізм» і іншыя палітычныя «злачынствы», што аналітыкі лічаць спробай Лукашэнкі палегчыць сваю ізаляцыю ад Захаду. Хаця пры гэтым сам Лукашэнка адмаўляе наяўнасьць у краіне палітычных вязьняў, а перасьлед грамадзян за пратэсты і іншадумства няспынна працягваецца па сёньня.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG