Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ціханоўская атрымала прэмію імя Маргарэт Тэтчэр і прысьвяціла яе беларускім жанчынам


Сьвятлана Ціханоўская ўганаравана прэміяй імя Маргарэт Тэтчэр. Рым. 11 сьнежня 2025
Сьвятлана Ціханоўская ўганаравана прэміяй імя Маргарэт Тэтчэр. Рым. 11 сьнежня 2025

Цырымонія ўручэньня адбылася 11 сьнежня ў Рыме. Прэмію разам са Сьвятланай Ціханоўскай атырмала прэм'ер-міністар Італіі Джорджа Мэлёні.

Цырымонія прайшла на Кангрэсе эўрапейскіх кансэрватараў у Рыме.

Як паведаміў «Позірк», Сьвятлана Ціханоўская прысьвяціла прэмію «сьмелым беларускім жанчынам, якія змагаюцца за свабоду», «жалезным лэдзі Беларусі»: Марыі Калесьнікавай, Кацярыне Андрэевай, Ніне Багінскай і іншым.

«Многія з гэтых жанчын застаюцца за кратамі. І мы не спыняем барацьбу за іх вызваленьне. Гэтак жа, як мы не перастанем змагацца за нашу краіну», — заявіла палітык у вітальнай прамове.

Дэмакратычны лідэр падкрэсьліла, што Беларусь — «прыклад таго, што адбываецца, калі мы грэбуем дэмакратыяй, спрабуем улагодзіць або „перавыхаваць“ дыктатараў».

«Калі мы нерашучыя, калі прымаем паўмеры — яны толькі нахабнічаюць», — сказала палітык.

Ціханоўская адзначыла, што Маргарэт Тэтчэр «ненавідзела, калі справы рабіліся напалову».

«І найлепшы спосаб ушанаваць яе спадчыну — пераканацца, што мы не пакінем дыктатарам ніводнага шанцу», — падкрэсліла палітык.

Сьвятлана Ціханоўская і прэм'ер-міністар Італіі Джорджа Мэлёні былі ўганараваныя прэміяй імя Маргарэт Тэтчэр. Рым. 11 сьнежня 2025
Сьвятлана Ціханоўская і прэм'ер-міністар Італіі Джорджа Мэлёні былі ўганараваныя прэміяй імя Маргарэт Тэтчэр. Рым. 11 сьнежня 2025

Прэмія імя Маргарэт Тэтчэр заснаваная ў 2025 годзе да 100-годзьдзя з дня нараджэньня палітыка фондам эўрапейскага кансэрватызму New Direction («Новы кірунак») — афіцыйным фондам эўрапейскіх кансэрватараў і рэфармістаў на ўзроўні Эўразьвязу. Фонд заснаваны ў 2009 годзе пад патранатам Тэтчэр.

7 сьнежня 2023 году Ціханоўская атрымала ў Вашынгтоне прэмію імя прэзыдэнта ЗША Джорджа Буша і прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Маргарэт Тэтчэр «За свабоду» Міжнароднага дэмакратычнага зьвязу (IDU). Палітык тады прысьвяціла яе палітвязням.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Марына Золатава
XS
SM
MD
LG