Беларусь і Іран падпісалі дэклярацыю аб супольным супрацьдзеяньні санкцыям

Міністры замежных спраў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы ў Менску 15 сьнежня 2025 году

Міністры замежных спраў Беларусі і Ірану Максім Рыжанкоў і Абас Аракчы падпісалі па выніках сустрэчы ў Менску шэраг дакумэнтаў, у тым ліку дэклярацыю аб кіроўных прынцыпах, датычных супрацьдзеяньня аднабаковым прымусовым мерам і шляхоў зьмякчэньня і ліквідацыі іх нэгатыўных наступстваў.

Як паведамляецца на сайце Міністэрства замежных спраў Беларусі, Максім Рыжанкоў па выніках перамоў заявіў, што Беларусі і Іран, якія апынуліся пад санкцыйным ціскам, засуджваюць «выкарыстаньне эканамічных рэстрыкцый, якія супярэчаць прынцыпам міжнароднага права, шкодзяць звычайным людзям і правакуюць эскаляцыю напружанасьці».

«У сувязі з гэтым з задавальненьнем адзначаю пасьпяховае ўзаемадзеяньне нашых краіны ў рамках ШАС і BRICS для прасоўваньня нацыянальных інтарэсаў на гэтых міжнародных пляцоўках, якія прадстаўляюць голас усясьветнай большасьці», — заявіў Максім Рыжанкоў.

Па выніках перамоў таксама падпісалі дэклярацыю аб узмацненьні ролі міжнароднага права ў міжнародных дачыненьня і праграму супрацы міністэрстваў замежных спраў Беларусі і Ірану на 2026-2030 гады.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніка МЗС Беларусі ўключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац» за падтрымку агрэсіі Расеі супраць Украіны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менск і Тэгеран заплянавалі на 2026 год сумесныя вайсковыя вучэньні