14 сьнежня ва Ўкраіне адбылася першая прэс-канфэрэнцыя з удзелам некаторых вызваленых. У ёй узялі ўдзел праваабаронца «Вясны» Уладзь Лабковіч, былы прэтэндэнт на прэзыдэнцкую пасаду Віктар Бабарыка і кіраўніца ягонага штабу Марыя Калесьнікава, палітоляг і літаратуразнаўца Аляксандар Фядута.
Запіс вялі журналісты Украінскай службы Радыё Свабода.
Свабода прапануе паглядзець прэс-канфэрэнцыю, якая адбылася ва Ўкраіне, цалкам.
На волю 13 сьнежня былі вызваленыя таксама ляўрэат Нобэлеўскай прэміі Алесь Бяляцкі, юрыст штаба Бабарыкі Максім Знак, галоўная рэдактарка TUT.BY Марына Золатава, Павал Севярынец ды іншыя.
Пазьней стала вядома, што 5 вызваленых грамадзян Украіны і 104 вызваленых грамадзян Беларусі вывезьлі ва Ўкраіну.
Віктар Бабарыка расказаў, як атрымаў траўму ў 2023 годзе
Былы палітзьняволены Віктар Бабарыка падчас прэсавай канфэрэнцыі расказаў, як трапіў у лякарню ў час свайго зьняволеньня.
«У 2023 годзе ў межах умоваў утрыманьня ў мяне сталі здарацца некантраляваныя страты прытомнасьці. Аднойчы я ачуняў — а ў мяне было зламанае рабро, парванае лёгкае, двухбаковае запаленьне лёгкіх і 23 расьсячэньні чэрапа...
Я, шчыра, ня ведаю, як гэта адбылося, бо гэта адбылося пасьля таго, як я страціў прытомнасьць. Зьбівалі мяне ці я ўдарыўся, я сказаць не магу, бо я быў безь прытомнасьці.
Я ўдзячны мэдыкам з Наваполацку, бо яны пасьпелі зрабіць апэрацыю і адпампаваць вадкасьць зь лёгкага», — апавёў Віктар Бабарыка.
Віктар Бабарыка
Віктар Бабарыка расказаў, ці не шкадуе пра намер балятавацца ў прэзыдэнты
Палітык адзначыў, што ў 2020 годзе ягоная каманда зрабіла тое, што магла зрабіць.
«Рашэньне было правільным на момант ягонага прыняцьця. У 2020 годзе мы зрабілі тое, што маглі зрабіць. Я не шкадую пра тое, што зрабіў. Мы не прайгралі, мы выйгралі. Мы не атрымалі прыз, але аказаліся мацней», — сказаў Віктар Бабарыка.
Віктара Бабарыка прыгадаў момант, калі Марыя Калесьнікава парвала свой пашпарт і сказаў, што тады зразумеў, што ўсё зроблена правільна, бо гэта было зроблена эмацыйна.
Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава
На гэтае ж пытаньне адказала і Марыя Калесьнікава.
«Не, я ні пра што не шкадую. Бываюць часы, калі трэба рабіць складаны выбар. Я падтрымала свае каштоўнасьці, і я такая не адна, нас такіх шмат. Калі ў пераломныя моманты ты можаш, значыць, ты павінен», — сказала Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Калесьнікава: Хачу падзякаваць Зяленскаму, усяму ўкраінскаму народу і Аляксандру РыгоравічуБабарыка і Калесьнікава распавялі, ці будуць далей займацца палітыкай
Падчас прэсавай канфэрэнцыі ва Ўкраіне ў вызваленых беларускіх палітвязьняў запыталіся пра далейшыя пляны.
Віктар Бабарыка выказаўся пра іншых вязьняў у беларускіх турмах і заклікаў не забывацца пра іх.
«Вельмі цяжка для мяне прайшла ізаляцыя цягам трох гадоў. Учора я атрымаў інфармацыю, што мой сын знаходзіцца ў калёніі, што яму дадалі 2 гады. Я безумоўна перажываў, але ганаруся, што ён дастойна вытрымлівае выпрабаваньні. Ён не адзін там, там засталіся тысячы людзей. Важна, каб працэс, які пачаўся, не спыніўся. Вызваленьне закранула многіх вядомых людзей, але ня трэба забывацца пра тых, прозьвішчы каго мы ня ведаем. Спаць спакойна я змагу тады, калі там ня будзе нікога».
Таксама былы прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта ў Беларусі сказаў пра далейшыя пляны і адказаў, ці будзе ён займацца палітыкай.
«Што да палітычнай карʼеры, я магу сказаць, што ўсё жыцьцё я імкнуўся быць з тымі, каму я патрэбны. Калі я буду патрэбны Беларусі, я буду намагацца зрабіць нешта для Беларусі. Калі я буду патрэбны толькі сваёй сямʼі, то з наступнага году ў мяне дастойная пэнсія, хоць я і бяз пашпарта. За гэтыя суткі я даведаўся, што нічога не спынілася, яно жыве далей», — сказаў Бабарыка.
Марыя Калесьнікава
Марыя Калесьнікава сказала, што ў бліжэйшым месяцы прысьвеціць час сямʼі і здароўю.
«Я ведаю пра пляны на бліжэйшы месяц, далей не магу нічога сказаць. Буду займацца сустрэчамі зь сямʼёй, калегамі і сябрамі. Буду займацца здароўем», — сказала Калесьнікава.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Вельмі хачу, каб гэты жах спыніўся»: Вызваленыя беларускія палітвязьні выказаліся пра вайнуАляксандар Фядута заявіў, што сыходзіць з палітыкі і выказаўся пра Каліноўцаў
Падчас прэсавай канфэрэнцыі ва Ўкраіне вызвалены палітвязень Аляксандар Фядута сказаў, што сыдзе з палітыкі, калі палітыка не пакліча назад. Таксама ён адназначна выказаўся пра вайну ва Ўкраіне.
Аляксандар Фядута
«Адзіная магчымая форма падтрымкі нейкага маральнага выбару — гэта далучэньне да гэтага маральнага выбару. Калі чалавек кажа, што ён вас падтрымлівае і нічога ня робіць — гэта крывадушнасьць. Што б я зараз ні казаў, гэта словы ня проста староньняга назіральніка, гэта словы чалавека, які ў выпадку падтрымкі маральнага выбару мусіць стаць у строй. Фізычна я не магу гэтага зрабіць.
Што да таго, ці трэба гаварыць на нацыянальнай мове, — трэба. У мяне няма ніякіх сумневаў. У СІЗА КДБ я напісаў камэнтар да галоўнага раману беларусаў ХХ стагодзьдзя, да раману Ўладзіміра Караткевіча „Каласы пад сярпом тваім“. Была спроба сьледчага КДБ выняць яе і не вярнуць. Я быў вымушаны адмовіцца ад прыёму лекаў, бо адзінае, што я мог супрацьпаставіць, гэта дэманстратыўнае нанясеньне шкоды ўласнаму здароўю. Можа, гэта прычына таму, як я выглядаю і як я сабе адчуваю», — сказаў Фядута.
Таксама ён дадаў, што зьбіраецца прысьвяціць свой час напісаньню кніг і хоча знайсьці працу.
Уладзімер Лабковіч распавёў, што ўсе ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі выйшлі на волю без пашпартоў
Уладзімер Лабковіч
«У нас няма пашпартоў з тых, хто тут прысутнічае. Нам выдалі даведку аб вызваленьні. Там аркуш паперы з фатаздымкам і пашпартныя дадзеныя. Вельмі ўдзячныя ўкраінскаму боку, што ён прыняў нас без дакумэнтаў. Прыём быў максымальна душэўны, камфортны і гасьцінны. Гэта вельмі важна і цяжка ва ўмовах, у якіх зараз Украіна. У зьняволеньні 80-90% адзінадушна падзяляюць боль Украіны і выказваюць адзінадушную пазыцыю па гэтай вайне», — сказаў Лабковіч.
Праваабаронца згадаў таксама Міколу Статкевіча і сказаў, што ён знаходзіцца ў зьняволеньні. Аляксандар Фядута дадаў, што хутчэй за ўсё Статкевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Уладзь Лабковіч заявіў, што Андрэя Пачобута ў калёніі Наваполацка ўвесь час трымаюць у памяшканьні камэрнага тыпу.
«Нам трэба давесьці сытуацыя да таго, каб пагрозы зьяўленьня новых палітычных вязьняў у Беларусі проста не было», — сказаў праваабаронца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сьпіс з прозьвішчамі 121 вызваленага