Эўрапейская рада ўхваліла новыя санкцыі супраць Беларусі ў адказ на гібрыдныя атакі на Літву

Кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас

Санкцыі ўведзеныя пасьля ўварваньняў у паветраную прастору Літвы мэтэаралягічных балёнаў зь Беларусі, якія ў апошнія месяцы ня раз парушалі паветраны рух.

15 сьнежня Эўрапейскі Зьвяз пашырыў санкцыі супраць рэжыму Беларусі, уключыўшы ў іх дзеяньні, якія лічацца падрыўнымі для дэмакратыі, вяршэнства закону і агульнай бясьпекі ў дзяржавах-чальцах.

«Новы крытэр дазволіць ЭЗ уводзіць абмежавальныя захады супраць тых, хто плянуе маніпуляцыі, кіруе імі, падтрымлівае або спрыяе ім і ўмяшаньню замежнай інфармацыі», — заявіла Рада ЭЗ.

Міністар замежных справаў Літвы Кястуціс Будрыс 15 сьнежня перад паседжаньнем Рады Эўрапейскага Зьвязу ў замежных справах у Брусэлі заявіў пра згоду Эўрапейскага Зьвязу пашырыць свае санкцыі супраць рэжыму ў Беларусі за гібрыдную дзейнасьць супраць Эўразьвязу, піша Reuters.

На мінулым тыдні Літва абвясьціла экстрэмальную сытуацыю і папрасіла парлямэнт дазволіць вайсковую падтрымку паліцыі і памежнікаў пасьля таго, як апошнімі месяцамі хвалі паветраных балёнаў кантрабандыстаў зь Беларусі шматкроць парушалі паветраны рух .

«Я зь нецярплівасьцю чакаю пашырэньня рэжыму санкцыяў супраць Беларусі, калі гэтая гібрыдная дзейнасьць супраць нас будзе працягвацца», — сказаў Будрыс перад сустрэчай міністраў замежных справаў краін ЭЗ у Брусэлі.

Кіраўніца замежнай палітыкі Эўразьвязу Кая Калас перад пачаткам паседжаньня Эўрапейскай рады таксама закранула пытаньне, зьвязанае з стаўленьнем Брусэлю да ўладаў Беларусі. Яе, у прыватнасьці, спыталі:

«Беларусь вызваліла больш за 100 зьняволеных. У абмен на гэта Злучаныя Штаты зьнялі санкцыі. Ці ёсьць якія-небудзь прыкметы таго, што, напрыклад, Злучаныя Штаты просяць Эўрапейскі Зьвяз зрабіць тое ж самае ў дачыненьні да Беларусі?»

Кая Калас на гэта адказала:

«Гэта рашэньні Эўрапейскага Зьвязу, і мы ўлічваем нашыя стратэгічныя мэты, якія палягаюць у тым, каб чыніць ціск на прыгнятальнікаў і тых, хто ім дапамагае, і таму мы ўвялі санкцыі. Гэта наша палітыка».

Паводле крыніц Свабоды, Літва вылучыла канкрэтныя прапановы новых санкцыяў супраць уладаў Беларусі. Сярод іх:

  • поўная забарона на транзакцыі для 10 беларускіх банкаў,
  • санкцыі супраць азотных угнаеньняў у дадатак да ўведзеных раней супраць калійных,
  • забарона імпарту беларускага рапсавага алею і солі.

Апрача таго ў Брусэлі абмяркоўваецца рыхтаваньне 20-га пакету санкцыяў, барацьба зь «ценевым флётам» Расеі і намаганьні дзеля вяртаньня ўкраінскіх дзяцей з расейскага палону.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона транзакцый, імпарту солі, рапсавага алею і азотных ўгнаеньняў. Якія санкцыі могуць увесьці ў адказ на гібрыдную атаку зь Беларусі

Раніцай 15 сьнежня прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа правёў паседжаньне Рады абароны дзяржавы для абмеркаваньня праблемы балёнаў зь Беларусі, якія перашкаджаюць руху самалётаў у Літве. Міністэрства замежных справаў Літвы таксама падкрэсьлівае, што пазыцыя краіны не зьмянілася.

«Санкцыі Эўрапейскага Зьвязу застаюцца ў сіле ў дачыненьні да беларускага экспарту калійных угнаеньняў. Літва не атрымлівала ніякіх запытаў у гэтым пытаньні, і няма ніякіх сыгналаў, што яно абмяркоўваецца на ўзроўні Эўрапейскага Зьвязу», — паведаміў агенцтву BNS прадстаўнік кіраўніцы ўраду Літвы Ігнас Дабраволскас.

МЗС зазначае, што ЗША прымаюць незалежныя рашэньні аб санкцыях супраць рэжыму ў Беларусі, яны не зьвязаныя з санкцыямі ЭЗ.

«ЭЗ не разглядае ніякіх паслабленьняў у санкцыях супраць рэжыму Беларусі», — гаворыцца ў камэнтары МЗС Літвы для мэдыя.

Акрамя таго, МЗС адзначае, што ніводная з прычын, зь якіх ЭЗ пачаў уводзіць санкцыі супраць Беларусі, ня зьнікла.

«Унутраныя рэпрэсіі, шкода дэмакратыі, інструмэнталізацыя міграцыі, дапамога Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, а зараз яшчэ і гібрыдная атака. Вызваленьне палітычных зьняволеных — важнае дыпляматычнае дасягненьне, але пазыцыя Літвы застаецца нязьменнай: дзеяньні Беларусі наносяць значную шкоду бясьпецы Літвы, ЭЗ і NATO», — заявіў МЗС Літвы.


ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Літвы: Эўропа не разглядае пытаньня пра адмену санкцый у дачыненьні да Беларусі

Тым часам старшыня Камітэту замежных справаў Сейму Літвы сацыял-дэмакрат Рэмігіюс Мотузас сказаў, што намер ЗША зьняць санкцыі з экспарту беларускіх калійных угнаеньняў, імаверна, зьвязаны з вызваленьнем палітычных зьняволеных у суботу.

Ён таксама адзначыў, што, магчыма, ЗША будуць спрабаваць аказаць ціск на ЭЗ і Літву з мэтай зьняцьця санкцыяў зь Беларусі, але кажа, што «гэта ня будзе хуткім працэсам». Ён выказаў сумнеў у тым, што ЭЗ пагодзіцца на зьмякчэньне санкцыяў.

«Магчыма, ёсьць некаторыя намёкі (на ціск з боку ЗША. — BNS), але мы ведаем, што Літва павінна выконваць санкцыі Эўрапейскага Зьвязу і іншых краін, а таксама Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. Але, імаверна, трэба аказаць ціск на 27 краін. Нам спатрэбіцца згода 27 краін Эўрапейскага Зьвязу. І я думаю, што гэта будзе марудны працэс, рэакцыя многіх краін Эўрапейскага Зьвязу будзе даволі нэгатыўнай. І Літвы таксама», — сказаў Мотузас агенцтву BNS.

«Мы ведаем, што адбываецца проста цяпер, гібрыдныя атакі ці нешта яшчэ. І Беларусь сапраўды паводзіць сябе ў адносінах да нас непрыстойна. Мы паінфармавалі аб гэтым і нашых партнэраў», — дадаў ён.

ЗША здымаюць санкцыі з экспарту беларускіх калійных угнаеньняў, пра што ў суботу паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА з спасылкай на спэцыяльнага пасланьніка ЗША Джона Коўла.

Гэтае рашэньне можа мець значэньне для Літвы, бо Літва прыпыніла транзыт беларускіх калійных угнаеньняў з 1 лютага 2022 году пасьля таго, як ЗША ўвялі санкцыі супраць найбуйнейшага беларускага вытворцы калійных угнаеньняў «Беларуськалій».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гандаль людзьмі і каліем: як Лукашэнка выкарыстоўвае вызваленьне палітвязьняў