Пасьля таго, як у суботу Злучаныя Штаты Амэрыкі адмянілі санкцыі ў дачыненьні да беларускіх калійных угнаеньняў, міністэрства замежных спраў Літвы адзначыла, што ў Эўрапейскім зьвязе гэтае пытаньне не абмяркоўваецца, перадае LRT.
«ЗША прымаюць самастойныя рашэньні пра санкцыі ў дачыненьні да беларускага рэжыму, якія не зьвязаныя з санкцыямі з боку Эўрапейскага зьвязу. У ЭЗ не вядзецца ніякіх абмеркаваньняў пра адмену санкцый у дачыненьні да беларускага рэжыму», — гаворыцца ў камэнтары міністэрства.
У ім таксама падкрэсьліваецца, што ні адна з прычын, паводле якіх ЭЗ пачаў прымяняць санкцыі да Беларусі, ня зьнікла:
- унутраныя рэпрэсіі,
- ушчамленьне дэмакратыі,
- інструмэнталізацыя міграцыі,
- дапамога Расеі ў агрэсіі супраць Украіны,
- камбінаваная гібрыдная атака.
«Вызваленьне палітычных зьняволеных зьяўляецца важным дыпляматычным дасягненьнем, але пазыцыя Літвы застаецца нязьменнай: дзеяньні Беларусі наносяць вялікую шкоду бясьпецы Літвы, ЭЗ і NATO», — заявілі прадстаўнікі міністэрства.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карбалевіч пра вызваленьне палітвязьняў і зьняцьцё санкцый зь Беларуськалія13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцпасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. 114 вызваленых вывезьлі ва Ўкраіну. 9 вызваленых — у Літву.
У адказ Злучаныя Штаты Амэрыкі паабяцалі скасаваць санкцыі супраць беларускага калію. Пра гэта заявіў журналістам у Менску спэцпасланьнік ЗША па Беларусі Джон Коўл.
«У адпаведнасьці з указаньнямі прэзыдэнта Трампа ЗША зьнімаюць санкцыі з калію. Думаю, гэта вельмі добры ход з боку ЗША для Беларусі. Мы іх здымаем цяпер».
Тым часам у калёніях, турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца больш за 1100 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вызваленыя палітвязьні ва Ўкраіне. Што далей? Спэцыяльны эфір