Адна з сымбалеў пратэстаў-2020 Марыя Калесьнікава на волі і пакінула Беларусь

Марыя Калесьнікава ў 2020 годзе ў Менску на Пляцы Незалежнасьці.

Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 123 палітычных зьняволеных. Сярод вызваленых ёсьць кіраўніца штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калесьнікава.

Калесьнікаву, як і большасьць іншых вызваелных палітвязьняў, вывезьлі ва Ўкраіну. Зь ёй ўжо пагутарыла па тэлефоне яе сястра Тацяна Хоміч.

Марыя Калесьнікава ў першым камэнтары для ўкраінскага праекту «Хачу жыць» падзякавала ўсім датычным да яе вызваленьня і адзначыла, што адначасова думае пра тых людзей, якія яшчэ не свабодныя. Яна вельмі чакае моманту, калі ўсе здолеюць абняцца і ўбачыць адно аднаго.

«Я шчыра ўдзячная ўсім датычным, усім людзям, якія знаходзяцца ў гэтым ланцужку свабоды людзей: ад самага верху да самага да вас, людзей, якія нас суправаджаюць і дапамагаюць цяпер перажыць гэтае адчуваньне свабоды. Я ўсяляк вітаю ўсе далейшыя крокі і ўсе этапы гэтага працэсу, які пачаўся і якога мы ўсе вельмі чакаем і чакаем, што гэта вельмі станоўча для ўсіх скончыцца», — выказалася Марыя пра вызваленьне палітвязьняў.

«Гэта пачуцьцё неймавернага шчасьця ў першую чаргу бачыць вочы людзей, якія табе дарагія, абдымаць іх і разумець, што мы цяпер усе свабодныя людзі. Гэта вялікае шчасьце цяпер назіраць першы свабодны захад узрушвальнай прыгажосьці», — сказала Марыя Калесьнікава.

Доўгі час палітзьняволеная Марыя Калесьнікава была ў рэжыме інкамунікада, (без сувязі з вонкавым сьветам).

43-гадовая палітзьняволеная адбывала пакараньне ў гомельскай жаночай калёніі № 4. Раней яе каралі пераводам у памяшканьне камэрнага тыпу і штрафны ізалятар.

Па стане на жнівень 2025 году была інфармацыя ад жанчын, якія выйшлі з калёніі, што Маша знаходзілася ў Гомельскай калёніі ў атрадзе, працавала швачкай. Акрамя таго, у яе больш за 2,5 года не было адваката.

У турмах і сьледчых ізалятарах Беларусі ўтрымліваецца каля 1300 чалавек, якіх праваабаронцы лічаць палітычнымі зьняволенымі.

Перасьлед Марыі Калесьнікавай

Марыю Каленьнікаву пакаралі 6 верасьня 2021 годау да 11 гадоў пазбаўленьня волі. Яна была сьпікерам і кіраўніком выбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году. Пасьля яго затрыманьня далучылася да каманды Сьвятланы Ціханоўскай і стала адной з прадстаўніц аб’яднанага штабу разам зь Веранікай Цапкалай, жонкай яшчэ аднаго не дапушчанага да ўдзелу ў выбарах прэтэндэнта на пасаду прэзыдэнта Валерыя Цапкалы.

7 верасьня 2020 году Калеснікава была схопленая ў цэнтры Менску і на наступны дзень вывезеная на мяжу з Украінай. Адмовілася ад прымусовай высылкі за мяжу, парваўшы свой пашпарт, пасьля чаго была зноў затрыманая.

У лістападзе 2022 году Калеснікаву экстрана праапэравалі ў Гомельскай гарадзкой клінічнай бальніцы хуткай мэдычнай дапамогі, куды даставілі ў цяжкім стане. У яе дыягнаставалі пэрытаніт (запаленьне брушыны), які стаў ускладненьнем прабадной язвы. Тады ж яна бачылася з бацькам — ён наведваў яе ў мэдчастцы.

Іх наступная сустрэча адбылася толькі 12 лістапада 2024 году.

У інтэрвію BBC 23 кастрычніка таго году ў Казані (РФ), дзе праходзіў саміт BRICS, Аляксандр Лукашэнка заявіў аб гатоўнасьці разгледзець прашэньне Калесьнікавай аб памілаваньні. Хоміч заявіла, што сям’я вітае гатоўнасьць разгледзець заяву аб памілаваньні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 1000 дзён няма зьвестак пра Максіма Знака. Хто яшчэ з палітвязьняў застаецца ў рэжыме поўнай ізаляцыі

Што трэба ведаць пра вырак Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку

Прысуд палізьняволеным Марыі Калесьнікавай і Максіму Знаку вынесьлі 6 верасьня 2021 году. Былых удзельнікаў выбарчага штабу Віктара Бабарыкі і сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады судзілі разам за зачыненымі дзьвярыма. Вырак — 11 гадоў калёніі Калесьнікавай і 10 — Знаку. Судзьдзя Сяргей Епіхаў.

Іх прызналі вінаватымі паводле трох артыкулах Крымінальнага кодэксу:

  • змова з мэтай захопу ўлады;
  • заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы;
  • стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня альбо кіраўніцтва ім.

Максім Знак і Марыя Калесьнікава ў судзе 6 верасьня 2021

Працэс заняў 17 паседжаньняў.Віны ніхто з палітвязьняў не прызнаў.
Марыя Калесьнікава і Максім Знак далучыліся да выбарчага штабу Віктара Бабарыкі ў траўні 2020-га — амаль адразу пасьля таго, як той абвясьціў пра сваё рашэньне ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі. Абое сталі тварамі кампаніі нароўні з самім Бабарыкам — зьяўляліся на працэдуры падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы ў ЦВК, падавалі туды сабраныя Бабарыкам подпісы за вылучэньне, актыўна камэнтавалі ход кампаніі і пляны штабу пасьля затрыманьня самога Бабарыкі.

Пасьля стварэньня аб’яднанага штабу і Максім Знак, і Марыя Калесьнікава працягнулі актыўную дзейнасьць у выбарчай кампаніі Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля стварэньня Каардынацыйнай рады Знак і Калесьнікава ўвайшлі ў яе прэзыдыюм.