Эўразьвяз пачаў працэдуру, якая вядзе да бестэрміновага замарожваньня актываў Расеі

Прэзыдэнт Эўракамісіі Урзуля фон дэр Ляен

Прадстаўнікі краін ЭЗ на ўзроўні амбасадараў 11 сьнежня прагаласавалі за тое, каб пачаць працэдуру доўгатэрміновага замарожваньня расейскіх актываў у Эўразьвязе.

Пра гэта паведаміў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

Рашэньне разглядаецца як першы крок на шляху да выкарыстаньня расейскіх актываў у якасьці забесьпячэньня выплаты Ўкраіне крэдыту, які яна, як мяркуецца, зможа пасьля вярнуць з сродкаў, якія на яе аднаўленьне выплаціць Расея.

Амбасадары краін ЭЗ прагаласавалі за тое, каб перадаць Эўрапейскай камісіі надзвычайныя паўнамоцтвы, якія дазволяць захоўваць расейскія актывы замарожанымі на нявызначаны тэрмін. Цяпер гэтыя актывы падлягаюць звычайным правілам — іх замарожваньне неабходна падаўжаць кожныя шэсьць месяцаў, прычым аднагалосна.

Новы мэханізм, ня будучы канфіскацыяй актываў, дазволіць адысьці ад рызыкі абавязку вяртаць актывы, калі б нейкая з краін, напрыклад Вугоршчына, не прагаласавала за працяг замарозкі.

Каб замарозіць расейскія актывы бестэрмінова, Нямеччына і іншыя краіны ЭЗ абапіраюцца на артыкул 122 дамовы аб функцыянаваньні Эўразьвязу. Яна прадугледжвае пры ўзьнікненьні сур’ёзных эканамічных цяжкасьцяў прыняцьце захадаў кваліфікаванай большасьцю, адзначае Deutsche Welle.

Гэта, на думку камэнтатараў, адкрывае шлях да магчымага выкарыстаньня актываў як закладу для так званага рэпарацыйнага крэдыту. Гэты мэханізм можа быць ухвалены, як сьцьвярджаецца, кваліфікаванай большасьцю галасоў краін ЭЗ, а не аднагалосна.

Бэльгія, дзе заблякаваная большая частка расейскіх актываў, афіцыйна па-ранейшаму выступае супраць, хоць яе прадстаўнікі прызнаюць, што ў нейкі момант расейскія актывы ўсё ж трэба будзе выкарыстоўваць для падтрымкі Ўкраіны. Прэмʼер-міністар Бэльгіі Барт Дэ Вэвэр запатрабаваў гарантаваць агульную адказнасьць усіх краін ЭЗ за магчымыя рызыкі і забясьпечыць дастатковыя фінансавыя гарантыі. Брусэля ставіць і іншыя ўмовы.

Мэдыя паведамлялі, што супраць «рэпарацыйнага крэдыту» выступаюць і Злучаныя Штаты, якія прапануюць выкарыстоўваць частку расейскіх сродкаў на аднаўленьне Ўкраіны пры пасярэдніцтве амэрыканскіх кампаніяў.

Чакаецца, што рашэньне аб рэпарацыйным крэдыце можа быць прынятае на сустрэчы лідэраў краін ЭЗ на наступным тыдні. У Расеі прыраўноўваюць гэтую меру да канфіскацыі актываў і папярэджваюць аб захадах у адказ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўропа рыхтуе адказ на плян ЗША па ўрэгуляваньні вайны
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Забарона транзакцый, імпарту солі, рапсавага алею і азотных ўгнаеньняў. Якія санкцыі могуць увесьці ў адказ на гібрыдную атаку зь Беларусі