Польшча ня будзе абвяшчаць надзвычайную сытуацыю на мяжы зь Беларусьсю ўсьлед за Літвой

Беларуска-польская мяжа. Ілюстрацыйнае фота.

Польшча не плянуе ўводзіць рэжым надзвычайнай сытуацыі на мяжы з Беларусьсю ўсьлед за Літвой, заявіў у эфіры Radio Zet міністар унутраных справаў і адміністрацыі Марцін Кервіньскі.

Паводле яго, у Польшчы ў параўнаньні з ужо прынятымі рашэньнямі нічога не зьменіцца, «бо сытуацыя на польска-беларускай мяжы за апошнія тыдні палепшылася».

«Міграцыйная нагрузка зьнізілася», — цытуе міністра Позірк.

Марцін Кервіньскі зазначыў, што Літва «некалькі тыдняў» рыхтавалася да абвяшчэньня экстрэмальнай сытуацыі на мяжы зь Беларусьсю з прычыны парушэньняў паветранай прасторы, зьвязаных з запускам паветраных балёнаў з кантрабандай зь Беларусі. Паводле яго, віленскі аэрапорт знаходзіцца вельмі блізка да мяжы, таму паветраныя балёны «ствараюць вельмі сурʼёзныя праблемы, як лягістычныя, так і фінансавыя».

9 сьнежня ўрад Літвы абʼявіў экстрэмальную сытуацыю дзяржаўнага ўзроўню з прычыны «гібрыднай атакі Беларусі», як вынікае з паведамленьня ўрадавай прэс-службы. Адзначаецца, што рашэньне прынята «у сувязі з пагрозай нацыянальнай бясьпецы дзяржавы і небясьпекай для жыцьця і здароўя людзей, а таксама для маёмасьці і (або) навакольнага асяродзьдзя, што ствараецца запускам на тэрыторыю Літвы з Беларусі паветраных балёнаў, якія перавозяць кантрабанду».

Як і чакалася, «кіраўніком апэрацыяў у экстрэмальнай сытуацыі» прызначаны міністар унутраных справаў Уладзіслаў Кандратовіч. Ведамства, якое ён узначальвае, ініцыявала ўвядзеньне экстрэмальнай сытуацыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пункты, якія цікавяць беларускі бок». Лукашэнка выставіў Літве ўмовы і паклікаў за стол перамоваў